Делакруа Эжен Свобода, ведущая народ 1830, Музей Лувр, Париж

   Рамантызм прыйшоў на змену асветніцтву. Асветнікі думалі, што розум усемагутны. Што розум дапаможа стварыць новы свет. Свет гармоніі і любові. Але – не. Рэвалюцыі, гады азвярэння і гільяціны паказалі, што магчымасці розуму былі пераацэнены. 
Рамантыкі выдзяляюцца містыцызмам. Гэта адмова ад рацыянальнага пазнання свету. Розум на думку рамантыкаў не здольны намацаць глыбінныя сувязі з сутнасцю свету. Сучасныя паняцці псіхааналізу аб несвядомым каранямі сыходзяць у ідэі і светаўспрыманне рамантыкаў.   
Цяпер распаўсюджаны погляд на чалавека, як сумяшчэнне трох светаў. Свету розуму, свету пачуццяў, свету духу. Апошні самы глыбінны, фундаментальны, трансцэндэнтны. Розум і пачуцці гэта зразумела. Але, што такое дух?  

  Дух – гэта нейкі ўнутраны стрыжань, аснова чалавечай асобы. Сучасная культура поўная таксама містыкі. Зомбі, вампіры.  

  Па сутнасці істоты пазбаўленыя чалавечага духу. Яны – машыны здольныя думаць і адчуваць. Менавіта рамантыкі сталі распрацоўваць і выкарыстоўваць гэтыя матывы. Асабліва гэта праглядаецца ў творчасці Гофмана. А яшчэ можна ўспомніць Франкенштэйна. Пра яго напісала Мэрі Шэлі, жонка паэта рамантыка П.Б.Шэлі. Як жа знайсці шлях да глыбінь духу? 
   Не праз розум, не праз пачуцці, а з дапамогай такіх нерацыянальных спосабаў як – натхненне, азарэнне, інтуіцыя. Так сцвярджалі рамантыкі. Яны пісалі толькі тады, калі да іх завітаў Пегас.    
   Некаторыя здзівяцца. А як жа можна яшчэ?   
Можна. Творчасць – гэта цяжкая і карпатлівая праца. Рамеснікаў таксама ахінае натхненне. І яны нават могуць стварыць шэдэўр. Але яны яго не чакаюць. Гэта не мэта іх працы. У адрозненне ад рамантыкаў.  
   У рамантыкаў творчасць фрагментарна. Гэта значыць іх тварэнні складаюцца з фрагментаў, кавалачкаў. Іх раманы бываюць недапісаны, у паэмы можа не быць закончанага і распрацаванага сюжэту. Гэта ўсё рацыянальная праца. А рамантыкі чакаюць натхнення. Яны матылі, а не пчолкі.  
   Сярод вучняў таксама шмат рамантыкаў. Яны робяць урокі толькі тады, калі іх наведвае натхненне.  
   Што ж гэта за свет рамантыкаў? Свет, з якім яны мараць зліцца ў парыве натхнення, адкрыць яго таямніцы?  
   Рамантыкі шмат пісалі пра Залаты век. Праўда, не яны яго прыдумалі. Гэтая ідэя Антычнасці, якая заключаецца ў тым, што быў час, калі людзі жылі правільна. У гармоніі з сабой і прыродай. Але розум, страсці зрабілі жыццё няправільным, ненатуральным, якое прыносіць чалавеку адны пакуты. Таму ім здавалася, што чым далей углыб стагоддзяў, тым бліжэй да Залатога веку. Больш за ўсё, як ні дзіўна, рамантыкі любілі сярэднявечча. Дзіўна таму, што часцяком сярэднявечча ўспрымаюць як змрочны час жахаў, жудасных эпідэмій, апусташальных войн.  
   Не здзіўляе тое, што рамантыкаў цікавіла гісторыя. Яны вывучалі свет, які змяняецца ў часе. Як жа вярнуцца ў Залаты век?   
   Рамантыкам падабаецца ідэя шчаслівага дзяцінства. Менавіта рамантыкі прыдумалі, што лепшая пара жыцця чалавека – гэта дзяцінства. Быццам бы чалавек пакуль не вырас, бліжэй да прыроднага і натуральнага стану. Гэтая выдумка і цяпер збівае з панталыку многіх дзяцей. Гуляй пакуль малады. Думаюць яны. Далей будуць толькі гады нуды, суровыя будні бессэнсоўнай працы і дзесяцігоддзі паступовага старэння. Гады ненатуральнага існавання і нават гібення.  
   Між тым менавіта дзяцінства самы адказны і цяжкі перыяд жыцця чалавека. Які фармуе асобу і стварае перадумовы нармальнага жыцця. Прычым перыяд маленства важней дзіцячага садка, сад важней школы, школа – інстытута.  
   Яшчэ рамантыкі вялікія нацыяналісты. Народ, нацыя – носьбіты ўсеагульнага духу. Рамантыкі былі збіральнікамі фальклору, ім шматлікім абавязана філалогія.  
   Калі мы вывучаем фармаванне беларускай нацыі, мы перш за ўсё ўспамінаем рамантыкаў пачатку 19 стагоддзя – філаматаў і філарэтаў, або творчасць Караткевіча рамантыка 20 стагоддзя.  
   Ідэя, што менавіта народ творца культуры, а мастак толькі праз натхненне ўлоўлівае сутнасць нацыянальнага і ўсеагульнага, а потым усё гэта адлюстроўвае ў сваіх творах, папулярная і цяпер. 
   Рамантыкі ўнеслі вялікі ўклад у стварэнне сучасных нацый. Больш за тое, яны былі перакананы, што яны не толькі заняты пошукамі, але іх адкрыцці здольны фармаваць гэтыя нацыі, ствараць новага чалавека.  
   Ідэя даволі прывабная, але і небяспечная. У гітлераўскія часы былі вельмі папулярныя нямецкія рамантыкі. 
   Як і рамантыкі ў ідэях узаемасувязі народнага духу з глебай, зямлёй, ландшафтам фашысты шукалі цвёрды падмурак для доказаў сваёй выключнасці і перавагі. 
   Нацыяналізм небяспечны. Але і агонь небяспечны. Таму абыходзіцца з ім трэба вельмі асцярожна. Але ён здольны згуртаваць людзей, надаць яму як агонь энергію. Далучыць да ідэалаў усеагульнага народнага духу.  
   Тым больш, што беларуская нацыянальная ідэя не нясе ў сабе духу перавагі. Наадварот яе аснова – гэта талерантнасць, павага да іншых народаў і іх культур.  
Асаблівае стаўленне рамантыкі мелі да музыкі. Такі від мастацтва, які нельга растлумачыць рацыянальна. Музыка невытлумачальна магутна ўздзейнічае на чалавека.  
   Рамантыкі лічылі, што менавіта праз музыку чалавек здольны спасцігаць містычную сутнасць свету. 
   Сучаснаму школьніку цяжка гэта зразумець. Многія ўпэўнены, што музыка для таго каб танцаваць. Між тым, калі б у фільме, напрыклад, не было б музыкі, кожны б адчуў, што чагосьці не хапае. Фільм становіцца незразумелым. У кіно не трэба думаць, калі трэба адчуваць трывогу, страх, радасць калі ёсць музычнае суправаджэнне.
   Хто можа растлумачыць тое, што вібрацыя барабаннай перапонкі можа быць больш зразумелым, чым словы. Гэта – загадка. Містыка.

 Крыніцы:

Вікіпедыя

http://smallbay.ru
А. Аствацатураў http://astvatsaturov.com/